ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,
вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.К.Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.
А.П.Грыцкевіч.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)